8 чэрвеня Беласток стане месцам сустрэчы з нямецкім даследчыкам гісторыі Гародні Феліксам Акерманам.

У межах курсаў «Мова Нанова» у «Доме суседскім» ён прадставіць сваю кнігу «Гісторыя Гародні (1919–1991). Нацыяналізацыя, вынішчэнне і саветызацыя сярэднеэўрапейскага места».

Пра значэнне гэтай падзеі і чаканні ад сустрэчы распавёў адзін з арганізатараў курсаў «Мова Нанова Беласток» Ігар Палынскі:

-Завяршаем шматпакутны пяты сезон “Мовы Нанова” ў Беластоку ў бліжэйшы панядзелак. І на заключныя заняткі прыедзе вельмі цікавы госць. Калі мне яго прадстаўлялі, сказалі вельмі каротка – беларускамоўны немец.

Паводле слоў Ігара Палынскага, гэта будзе не толькі прэзентацыя кнігі, але і нагода для шырэйшай размовы пра памяць горада, яго складаную гісторыю і месца Гародні ў кантэксце Цэнтральнай Еўропы:

-Я даведаўся пра тую грунтоўную працу, якую ён зрабіў па даследаванні гісторыі Беларусі і гісторыі Гародні. І акурат сустрэча, якая ў нас адбудзецца, яна будзе з нагоды прэзентацыі беларускага перакладу кнігі “Гісторыя Гародні (1919 – 1991)”. Гэта кніга, якую спадар Фелікс напісаў, ён гутарыў з дзясяткамі гарадзенцаў, з Анджэем Пачобутам, напрыклад, Аляксандрам Мілінкевічам.  

Арганізатары падкрэсліваюць, што такія сустрэчы — гэта магчымасць для жывога дыялогу з даследчыкамі і паглыблення ведаў пра рэгіён, у якім пераплятаюцца розныя культурныя і гістарычныя пласты.