турма

У Беларусі не спыняецца пераслед іншадумцаў паводле крымінальнага артыкула аб “здрадзе дзяржаве”. Паводле даных “Вясны”, па стане на 16 чэрвеня 2026 года паводле арт. 356 КК засудзілі як мінімум 129 чалавек, сярод якіх 16 жанчын. Па “здрадніцкім” артыкуле асудзілі ажно шэсць сем’яў (14 чалавек). Суды па гэтых справах праходзяць у закрытым рэжыме, што пазбаўляе грамадства магчымасці ведаць сутнасць абвінавачванняў, а часам — нават прысуды. “Вясна” сабрала ўсё, што вядома пра маштаб рэпрэсій па гэтым цяжкім артыкуле, які з 2023 года прадугледжвае выключную меру пакарання — смяротнае пакаранне.

Каго ў Беларусі судзяць за “здраду дзяржаве”?

Незалежныя журналісты, рабочыя, святар, музыка, медыяменеджар, бізнесмен, айцішнік, культурніцкі менеджар, былыя сілавікі і вайскоўцы, палітыкі і актывісты — гэта невычарпальны пералік, каго ў Беларусі пераследуюць за “здраду дзяржаве”. Часта сутнасць абвінавачвання па гэтым артыкуле невядомая, бо суды праходзяць у закрытым рэжыме, а матэрыялы крымінальнай справы — пад грыфам сакрэтнасці.

Вось што, напрыклад, гаварылася ў абвінавачванні культурніцкаму менеджеру Паўлу Белавусу, асуджанаму да 13 гадоў калоніі:

“Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з’яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. <…> Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы”. 

Справу паводле арт. 356 КК хацелі ўзбудзіць і супраць праваабаронцы Уладзя Лабковіча, калі той быў у няволі:

“На размове ў СІЗА КДБ былі пытанні пра фінансаванне “Вясны” і адносіны з амбасадамі еўрапейскіх краінаў, якія знаходзіліся ў Мінску да нашага затрымання. <…> Супрацоўнікі сказалі, што праводзяць праверку па факту ўзбуджэння ў адносінах да мяне крымінальнай справы паводле арт. 356 КК”.

Паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса могуць прызначыць пакаранне ад сямі да 15 гадоў калоніі. А з 2023 года згодна з часткай другой – аж да смяротнага пакарання. 

У Беларусі ў сувязі з падтрымкай Украіны ў вайне за “здраду дзяржаве” асудзілі 43 беларусы. 15 палітыкаў і актывістаў былі асуджаныя паводле арт. 356 КК завочна. Па гэтым цяжкім артыкуле асудзілі мінімум шэсць сем’яў з розных рэгіёнаў Беларусі. За “здраду дзяржаве” таксама засудзілі мінімум 9 былых вайскоўцаў і сілавікоў.

Мінімум чатыры асуджаных – у пенсійным узросце. У мінімум 11 асуджаных па “здрадніцкім артыкуле” ёсць сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Па артыкуле “за здраду” судзілі і шэраг людзей з Гарадзеншчыны. Ніжэй пра такія справы.

Справа “Рабочага Руху”

У лютым 2023 года ў Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд па “справе Рабочага Руху”. Дзесяць палітзняволеных —Сяргей ШэлестУладзімір Жураўка,Андрэй Пагерыла, Ганна АблабАляксандр ГашнікаўСяргей ДзюбаІгар МінцВалянцін Цераневіч, Сяргей ШамецькаАляксандр Капшуль— асуджаныя на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калоніі. Іх усіх абвінавацілі ў “здрадзе дзяржаве” і “стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзеле ў ім”, а таксама па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса. Усе палітвязні па справе не прызналі віны. 

Згодна з матэрыяламі справы ўдзельнікі “Рабочага руху”, “ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб’ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама механізмах процідзеяння такім спосабам”. Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакавання вытворчасці на “Гродна Азот” і “БМЗ”.

Першыя засуджаныя за “здраду дзяржаве”

Ветэрана афганскай вайны, беларускага прадпрымальніка і грамадскага актывіста з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў снежні 2020 года. Улады адразу абвясцілі Аўтуховіча арганізатарам і кіраўніком “тэрарыстычнай групоўкі”, якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і нібыта падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Усяго па “справе Аўтуховіча” праходзіла 12 чалавек. Мікалая асудзілі па шэрагу крымінальных артыкулаў, у тым ліку “здрада дзяржаве”. Гродзенскі абласны суд 17 кастрычніка 2022 года агучыў прысуд — рэкордныя 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

У студзені 2026 г. стала вядома, што Мікалая адправяць з калоніі на турэмны рэжым. Гэтак вырашыў выязны суд, які ў студзені 2026 г. у калоніі № 14.

Вядома, што ў палітвязня сур’ёзныя праблемы са здароўем.

У чэрвені 2025 году завочна за “здраду дзяржаве” засудзілі Віктара Дамарацкага.

А ў ліпені таго ж 2025 году таксама завочна засудзілі Андрэя Занеўскага.