
18 чэрвеня – 220 гадоў таму (1806) – У маёнтку Парэчча (Слонімскі р-н) нарадзіўся Міхал Валовіч, арганізатар нацыянальна-вызвольнага руху, удзельнік паўстаньня 1830-31 гг.
Паходзіў з шляхецкага роду, сын Казіміра Валовіча, слонімскага падкаморыя. У 1822-25 гадах навучаўся ў Віленскім універсітэце, быў блізкім да таемных таварыстваў філаматаў і філарэтаў, сябраваў з Ігнатам Дамейкам, Міхалам Ходзькам і іншымі студэнтамі.
Удзельнічаў у вызвольным паўстанні ў складзе атраду генерала Антона Гелгуда. Пасля паразы паўстанцаў мусіў эміграваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Меў радыкальныя погляды на шляхі сацыяльнай перабудовы грамадства. Выказваўся за абвяшчэнне Літвы дэмакратычнай рэспублікай, звязанай федэратыўнымі адносінамі з Польшчай. Міхал Валовіч крытычна ацэньваў вопыт паўстання 1830-1831 гадоў, якое, на яго погляд, не мела “агульначалавечай мэты”. Ён лічыў, што ў вызвольным змаганні асноўнай сілай павінны быць народныя масы, пераважна сялянства. Выступаў за адмену прыгоннага права, за права кожнага народа на самастойнае развіццё.
Пад уплывам Юзафа Заліўскага Міхал Валовіч вырашыў узяць удзел у ягонай ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю колішняга ВКЛ, каб узняць там сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. З рашэння Заліўскага ўзначаліў слонімска-наваградскую акругу. 19 сакавіка 1833 года паўстанцы перайшлі мяжу Расейскай імперыі і пачалі дзеіць на Слонімшчыне і Гродзеншчыне.
У атрад Міхала Валовіча прыйшлі сяляне Парэчча, Вострава, Бардашоў і іншых вёсак. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з той мэтай, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Такія дзеянні выклікалі рэакцыю ўлады. Гарадзенскі губернатар Мураўёў даў загад абкружыць атрад над Шчарай. Архіўныя дакументы сведчаць, што пры затрыманні Міхал Валовіч параніў кінжалам двух чалавек, а затым спрабаваў забіць сябе. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гродзеншчыне расейскія ўлады арыштавалі больш за 150 чалавек. На допыце Валовіч не назваў нікога з паплечнікаў, а таксама засведчыў, што “хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян”.
11 чэрвеня 1833 года ў Гродне пачаўся карны судовы працэс. Побач з Міхалам Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян, кіраўніка атрада прысудзілі да пакарання смерцю праз чацвертаванне, але князь Далгарукаў змякчыў прысуд, замяніўшы яго на павешанне. Астатніх паўстанцаў выслалі ў Сібір – на катаржныя працы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. Выслалі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.
2 жніўня 1833 года Міхала Валовіча павесілі ў Гродне. Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб яно не магло быць адшуканае і не сталася б месцам таемных набажэнстваў. Існуе версія, што маці Міхала Валовіча выкупіла цела сына і прывезла ў вёску Парэчча на Слонімшчыну, дзе пахавала на мясцовых могілках. Там быў пастаўлены і вялікі белы помнік герою. Але, калі на Слонімшчыну прыйшла савецкая ўлада ў 1939 годзе, помнік быў знішчаны.
На могілках вёскі Парэчча, непадалёк берага Шчары, з ініцыятывы краязнаўца Аляксандра Талерчыка, грамадскія актывісты Слонімшчыны ў наш час ўстанавілі мемарыяльны знак Міхалу Валовічу і яго 12 паплечнікам.
