катаванні

26 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень ААН у падтрымку пацярпелых ад катаванняў. Нягледзячы на шматлікія сведчанні пацярпелых, расследаванні праваабарончых арганізацый ды ўвагу міжнароднай супольнасці, тысячы беларусаў працягваюць сутыкацца з гвалтам, бесчалавечным абыходжаннем і прыніжэннем чалавечай годнасці з боку рэжыму. З гэтай нагоды “Прававая ініцыятыва” і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі праводзіць штогадовую кампанію “Тыдзень супраць катаванняў”, у межах якой праваабаронцы будуць казаць пра наступствы палітычнага пераследу праз культуру, памяць і сведчанні людзей, што прайшлі праз гэта. Публікуем поўную афішу мерапрыемстваў.

21 чэрвеня

Перформанс 

Кракаў

У Кракаве адбудзецца кароткі вулічны перформанс, прысвечаны тэме катаванняў у Беларусі. Мінакам пакажуць адну з практык жорсткага абыходжання з затрыманымі — доўгае ўтрыманне чалавека сілавікамі ў балючай і нязручнай позе.

22-26 чэрвеня

Інфакампанія з былымі палітвязнямі

Цягам тыдня мы будзем публікаваць кароткія відэа фармату Reels у нашых каналах з удзелам былых палітвязняў, у якіх яны падзеляцца сваімі думкамі пра тое, наколькі сур’ёзна перажытыя рэпрэсіі адбіваюцца на жыцці, стане і самаадчуванні беларусаў/ак.

23 чэрвеня

Прэзентацыя расследавання “Катаванні і жорсткае абыходжанне ў папраўчай калоніі №3 Віцебскай вобласці (ПК-3 “Віцьба”)”

Анлайн

Максім Знак, Ігар Лосік, Ігар Аліневіч, Аляксандр Казулін, Андрэй Саннікаў — усе гэтыя людзі прайшлі праз ПК-3 “Віцьба”, калонію, якую гадамі называлі “элітнай” і “ўзорна-паказальнай”. Тут адбывалі пакаранне былыя высокапастаўленыя чыноўнікі, сілавікі, суддзі, бізнесмены, замежныя грамадзяне. Але што насамрэч адбываецца за яе сценамі?
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі прадставіць сваё новае грамадскае расследаванне “Катаванні і жорсткае абыходжанне ў папраўчай калоніі №3 Віцебскай вобласці (ВК-3″Віцьба”)”.

Расследаванне заснаванае на 29 глыбінных інтэрв’ю з былымі зняволенымі, якія адбывалі пакаранне ў калоніі ў перыяд з 2020 па 2023 год. 

Сярод зафіксаваных у расследаванні выпадкаў — смерці палітвязняў Мікалая Клімовіча і Вадзіма Храсько, а таксама іншыя смерці, што адбыліся ў калоніі за апошнія гады.
Поўны тэкст расследавання будзе апублікаваны на сайце Камітэта ў дзень прэзентацыі. 

24 чэрвеня

Прэзентацыя зборніка вершаў палітычных зняволеных

Анлайн

Зборнік аб’ядноўвае творы людзей, напісаныя ў турмах, штрафных ізалятарах, этапах і месцах зняволення. У ім сабраныя вершы журналістаў, актывістаў, студэнтаў, палітыкаў ды іншых людзей, аб’яднаных досведам палітычнага зняволення. Гэтыя тэксты сталі спосабам захаваць годнасць, унутраную свабоду і чалавечы голас ва ўмовах ізаляцыі ды ціску.

Зборнік будзе апублікаваны на сайце “Прававой ініцыятывы” ў дзень прэзентацыі.

25 чэрвеня

Паказ дакументальных фільмаў “Куля для нязгодных” і “Банда”

Вільня

“Freedom House” і “Прававая ініцыятыва” запрашаюць на паказ двух дакументальных фільмаў, прысвечаных парушэнням правоў чалавека ў Беларусі ды лёсам людзей, якія сталі ахвярамі палітычна матываванага гвалту і беспакаранасці.

“Куля для нязгодных” — аўтарскі дакументальны фільм “Прававой ініцыятывы” пра беларусаў, якія загінулі ад рук сілавікоў падчас і пасля пратэстаў 2020 года. У цэнтры апавядання — гісторыі Аляксандра Тарайкоўскага, Андрэя Зельцэра і Генадзя Шутава.

“Банда” — дакументальны фільм, прысвечаны тэме гвалтоўных знікненняў у Беларусі. Карціна распавядае пра лёсы бясследна зніклых беларусаў, у тым ліку былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, знікненне якога застаецца нерасследаваным праз многія гады.

Пасля прагляду адбудзецца абмеркаванне, падчас якога ўдзельнікі змогуць абмеркаваць тэмы, закранутыя ў фільмах, а таксама задаць свае пытанні стваральнікам фільма “Куля для нязгодных”.

Дата: 25 чэрвеня 2026 года, 16:00, Вільня (месца правядзення будзе паведамляцца зарэгістраваным удзельнікам асобным лістом пасля рэгістрацыі)

Рэгістрацыя даступная па спасылцы:  https://forms.gle/2BffaLGm3BUpdbjs6

26-27 чэрвеня

Выстава “Кошт нязгоды: дакументальнае сведчанне наступстваў палітычных рэпрэсій у Беларусі”

Вільня

У аснове праекта — фотаздымкі беларускіх палітычных зняволеных да арышту і пасля вызвалення. Паміж фота хаваюцца доўгія месяцы турмы, этапы, ШІЗА, ізаляцыя, ціск, страта здароўя і частка жыцця, якую немагчыма вярнуць.

Выстава дэманструе наступствы палітычных рэпрэсій не праз сухія лічбы статыстыкі, а праз досвед рэальных людзей. Усе героі_ні былі асуджаныя з палітычных матываў — за ўдзел у пратэстах, грамадзянскую пазіцыю, журналісцкую працу, падтрымку дэмакратычных пераменаў або публічную нязгоду з дзеяннямі ўлады. Для многіх заключэнне стала не толькі стратай свабоды, але і разбурэннем звыклага жыцця, а многія з іх спраўляюцца з наступствамі перажытага да гэтага часу. 

Дата: 26-27 чэрвеня, з 10:00 да 18:00

Месца: “Музей акупацый і барацьбы за свабоду”, Aukų g. 2A, Vilnius

Выстава праходзіць у межах агульнай праграмы Музея акупацыі і барацьбы за свабоду. Для наведвання неабходна набыць уваходны квіток у музей. Акрамя выставы, наведвальнікі змогуць азнаёміцца з пастаяннай экспазіцыяй музея. 

Партнёрскія мерапрыемствы

9-26 чэрвеня

Выстава “Дэпатрыяцыя”, Варшава

Тэрмін “Дэпатрыяцыя” сустракаецца рэдка, але добра апісвае рэальнасць, у якой апынуліся беларусы і беларускі. Калі радзіма больш не можа абараніць свае знакі. Калі нацыянальныя сімвалы і артэфакты пратэсту вымушаныя пакідаць краіну, каб выжыць. 

У межах праекта Музей Вольнай Беларусі супрацоўнічаў з людзьмі ў Беларусі, каб бяспечна эвакуяваць прадметы, звязаныя з беларускай грамадзянскай актыўнасцю, культурным жыццём і пратэсным рухам. 

Значная частка прадстаўленых на выставе экспанатаў была вывезена з Беларусі праз бяспечныя каналы, спецыяльна для далейшага захавання і музеефікацыі. 

Музей Вольнай Беларусі, Foksal 11, Warszawa

Выстава працуе з 9 па 26 чэрвеня, з 18:00 да 20:00. 

Уваход вольны.

21 чэрвеня

Закрыты паказ дакументальнага фільма “Паміж домам і сабой”, Варшава

У прасторы Tg House пройдзе закрыты паказ дакументальнага фільма “Прававой ініцыятывы” аб пераследзе ЛГБТК+ людзей у Беларусі “Паміж домам і сабой”.  Героі фільма — Джэйн і Жэня, квір-персоны, чые жыцці кардынальна змянілі падзеі 2020 года.