
Сярод 11 новых прызнаных палітвязняў Марат Бушэнка з Смаргоні. Яго засудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у так званую “папраўчую ўстанову”. Фігуравалі частка 1 і частка 2 атартыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу (“Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).
Бушэнка быў заснавальнікам і кіраўніком шэрагу гандлёвых кампаній у розных краінах. Сярод іх польская Goods Express Trading, нямецкая UG, чэшскія MAG TRIO і Interclouds, расейская ААТ «Рэкордыс Фаварыт» і менскае ААТ «Комфорт Актив». Раней ён таксама вёў бізнэс у Эстоніі і Малдове.
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
23 чэрвеня 2026 года
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розныя формы пратэстнай актыўнасці выкарыстоўваюцца ўладамі як інструмент падаўлення грамадзянскага і палітычнага супраціву, іншадумства, антываенных выступаў і выказванняў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна ўзмоцнена і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія ўлады выкарыстоўваюць выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб’яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць змен у дзяржаве і яе палітыцы, падтрымліваюць антываенны курс і фармуюць антываенную грамадскую думку. Шэраг СМІ таксама прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Гэта, у сваю чаргу, адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспондэнтаў, а таксама за ўсе формы падтрымкі такіх суб’ектаў як непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, стала вядома пра змяшчэнне пад варту і асуджэнне да пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі ў сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фармаваннямі” і ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў Паўла Станіслаўчыка, Вадзіма Даўгучыца, Марата Бушэнкі, Дзмітрыя Левага, Аляксандра Карнацкага, Дар’і Калінавай, Радзівона Курцарава, Паўла Чарняка, Аляксандра Ванчанкі, Аляксандра Каваленкі, Аляксандра Катляніка.
Мы прызнаём названых асоб палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “палітычны зняволены” і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітычных зняволеных Паўла Станіслаўчыка, Вадзіма Даўгучыца, Марата Бушэнку, Дзмітрыя Левага, Аляксандра Карнацкага, Дар’ю Калінаву, Радзівона Курцарава, Паўла Чарняка, Аляксандра Ванчанку, Аляксандра Каваленку, Аляксандра Катляніка;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Lawtrend;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.
