
З нагоды Міжнароднага дня ў падтрымку ахвяр катаванняў дэпутаты Еўрапарламента 26 чэрвеня выступілі з супольнай заявай, у якой выказалі салідарнасць з беларусамі, пацярпелымі ад катаванняў ды іншых грубых парушэнняў правоў чалавека. Яны падкрэслілі, што катаванні застаюцца адным з ключавых інструментаў рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, заклікалі прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а таксама вызваліць усіх палітвязняў.
Дэпутатка Еўрапарламента і кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска, яе першы намеснік — дэпутат Еўрапарламента Томас Тобэ, яе другі намеснік — дэпутат Еўрапарламента Міхал Кабоска, а таксама пастаянны дакладчык Еўрапарламента па Беларусі, дэпутат Еўрапарламента Хельмут Брандштэтэр выступілі з сумеснай заявай у Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў:
“У Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў мы аддаём даніну павагі ўсім тым беларусам і беларускам, што зазналі катаванні, жорсткае абыходжанне ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека толькі за ажыццяўленне сваіх фундаментальных правоў і свабод.
Амаль шэсць гадоў пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года катаванні па-ранейшаму выкарыстоўваюцца сістэматычна і застаюцца адным з самых стабільных інструментаў рэпрэсій беларускага рэжыму. Апошні даклад Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пацвярджае, што катаванні ды іншыя формы жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага годнасць абыходжання працягваюць сістэматычна ўжывацца да палітычных зняволеных, журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці і звычайных грамадзян, якія мірна выказваюць сваё меркаванне.
Рэжым працягвае сістэматычна ўжываць фізічны і псіхалагічны гвалт, уключна з жорсткімі збіццямі, ударамі электрычным токам, невыноснымі ўмовамі ўтрымання, доўгім адзіночным зняволеннем, пазбаўленнем сну, непрадастаўленнем ежы, вады, і доступу да свежага паветра, знявагамі ды пагрозамі сексуальнага гвалту. Не менш трывожнай з’яўляецца практыка ўтрымання без сувязі са знешнім светам, пры якой палітычным зняволеным месяцамі і нават гадамі адмаўляюць у доступе да адвакатаў і кантактах з сем’ямі. Такія практыкі могуць прыраўноўвацца да катаванняў і таксама могуць адпавядаць гвалтоўнаму знікненню згодна з міжнародным правам. Прымусовая праца, якая навязваецца палітычным зняволеным, з’яўляецца яшчэ адной формай катаванняў, бо спалучае фізічнае знясіленне, псіхалагічны прымус і вымушаны ўдзел у падтрымцы вайскова-прамысловага комплексу Расеі ў яе вайне ды агрэсіі супраць Украіны.
Рэжым адрадзіў савецкую практыку карнай псіхіятрыі і ўсё часцей выкарыстоўвае яе як яшчэ адзін інструмент палітычных рэпрэсій супраць палітычных зняволеных.
Становішча жанчын-палітзняволеных выклікае асаблівую трывогу. Як асабліва ўразлівая група, яны зазнаюць асабліва жорсткія формы катаванняў і зневажальнае годнасць абыходжанне. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць справы Аляксандры Пуліновіч, Вольгі Маёравай, Алены Лазарчык, Ірыны Мельхер.
Наўмысная адмова ў належнай медычнай дапамозе, разам са зневажальнымі ўмовамі ўтрымання, накіраванымі на фізічны і псіхалагічны ўціск зняволеных, ужо прывялі да незваротнай фізічнай і псіхалагічнай шкоды ды забралі жыцці многіх палітычных зняволеных. З 2021 года прынамсі дзесяць вядомых палітычных зняволеных памерлі або былі забітыя ў Беларусі: Вітольд Ашурак, Дзмітрый Дудойць, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны.
Гэтыя злачынствы здзяйсняюцца ва ўмовах амаль поўнай беспакаранасці, без рэальных расследаванняў і рэальнага прыцягнення вінаватых да адказнасці за тысячы задакументаваных выпадкаў катаванняў, зафіксаваных з 2020 года.
Мы выказваем поўную падтрымку ўсім пацярпелым ад катаванняў ды іх блізкім. Мы зноў патрабуем неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і асоб, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Беларусі. Вінаватыя ў катаваннях ды іншых сур’ёзных парушэннях правоў чалавека мусяць быць выяўленыя, адданыя суду і прыцягнутыя да адказнасці. Катаванні ўяўляюць сабой міжнароднае злачынства і не могуць мець тэрміну даўнасці. Пацярпелым неабходна забяспечыць справядлівае правасуддзе, аднаўленне іх правоў і адпаведную кампенсацыю.
Мы таксама падтрымліваем рэкамендацыі Спецыяльнага дакладчыка ААН, уключна з незалежным міжнародным маніторынгам месцаў пазбаўлення волі і аператыўныя, бесстароннія расследаванні ўсіх заяў аб катаваннях. Беларускія ўлады павінны выканаць свае абавязальніцтвы па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека і неадкладна спыніць ужыванне катаванняў і жорсткага абыходжання.
У гэты дзень мы зноў заяўляем аб нязменнай падтрымцы народа Беларусі ў яго імкненні да свабоды, дэмакратыі, чалавечай годнасці і вяршэнства закона. Катаванні з’яўляюцца міжнародным злачынствам, якое не можа быць апраўдана, даравана або аддадзена забыццю. Беспакаранасць за катаванні недапушчальная. Мы будзем і далей падтрымліваць пацярпелых, пакуль справядлівасць не будзе адноўленая.
Жыве Беларусь!”
