
Вашай увазе каляндар круглых і юбілейных датаў Гарадзеншчыны на ліпень 2026 году.
1 ліпеня
105 гадоў таму (1921) – Зацверджаны статут Таварыства Беларускай Школы, створанага ў Вільні.
10 гадоў таму (2016) – У Беларусі праведзена дэнамінацыя – у абарачэнне ўвайшлі 7 новых банкнот і 8 манет.
2 ліпеня
30 гадоў таму (1996) – Адбылося адраджэнне традыцыйнага паломніцтва да цудатворнай іконы Маці Божай Будслаўскай. З гэтага года адбываюцца штогадовыя пілігрымкі.

Касьцёл у Будславе
3 ліпеня
130 гадоў таму (1896) – У в. Пасынкі каля Бельску (Беласточчына) нарадзіўся Яраслаў Кастыцэвіч, беларускі педагог, грамадска-царкоўны дзеяч. Вучыўся ў Гарадзенскай гімназіі.

Шыльда Кастыцэвічу ў Бельску
4 ліпеня
35 гадоў таму (1991) – У Гародні адчынены абласны лялечны тэатар.
5 ліпеня
30 гадоў таму (1996) – У Вялікай Бераставіцы адкрыты раённы гісторыка-краязнаўчы музей (цяпер Музей вавёркі).

25 гадоў таму (2001) – У Менску прайшоў Трэці зьезд беларусаў сьвету (доўжыўся 5-6 ліпеня).
6 ліпеня
105 гадоў таму (1921) – На хутары Сеніца (Слуцкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Доўбік, беларускі настаўнік, дысідэнт, вязень савецкіх канцлягероў, сябра БНФ. Працаваў у в. Вялікія Жухавічы, Радунь, Уша (Карэліцкі р-н).
7 ліпеня
230 гадоў таму (1796) – У в. Малюшычы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Ян Чачот, асьветнік, паэт, фальклярыст, філамат.

Помнік Чачоту ў Карэлічах
10 ліпеня
155 гадоў таму (1871) – У в. Мікалаеўшчына (Стаўпецкі р-н) нарадзіўся Павел Дземідовіч, беларускі этнограф, фалькларыст, краязнавец, педагог. Настаўнічаў у Наваградскім павеце.
11 ліпеня
530 гадоў таму (1496) – Гародня атрымала поўнае Магдэбургскае права, якое надаў ёй прывілеем Вялікі князь літоўскі Аляксандар.
12 ліпеня
85 гадоў таму (1941) – Фашыстоўскі акупацыйны рэжым зьмяніў адміністрацыйныя межы Беларусі ў бок іх скарачэньня. У выніку значная частка Гарадзеншчыны адышла да Прусіі (Райху), некаторыя раёны – да Летувы.
13 ліпеня
160 гадоў таму (1866) – У маёнтку Нач-Брындзоўская (цяпер в. Нача, Ляхавіцкі р-н) нарадзіўся Напалеон Чарноцкі, беларускі публіцыст, перакладнік, лекар. З 1936 г. да сьмерці жыў у в. Вялікая Лябёдка (Шчучынскі р-н).

15 ліпеня
Дзень Грунвальдскай бітвы
150 гадоў таму (1876) – У фальв. Пешчын каля Бакштаў (Шчучынскі р-н) нарадзілася Цётка (сапр. Алаіза Пашкевіч, у замужжы Кайрыс), беларуская грамадзка-палітычная дзяячка, паэтка, асьветніца, выдавец.

16 ліпеня
50 гадоў таму (1976) – У Хэўтгорне (штат Нью-Джэрсі) памёр Янка Станкевіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, мовазнавец, гісторык, перакладнік, выдавец, публіцыст, педагог, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Нараджэнец в. Арляняты (Смургонскі р-н). Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьвіку.

18 ліпеня
80 гадоў таму (1946) – У савецкім зьняволеньні памёр Альбін Ярашэвіч (нар. у 1879 г. у Сакольскім пав.), беларускі каталіцкі тэолаг, грамадзкі дзеяч, вязень фашыстоўскіх і савецкіх турмаў. Працаваў сьвятаром Ваўкавыскага фарнага касьцёлу ў 1927-37 гг., Гарадзенскага фарнага касьцёлу ў 1937-45 гг.
20 ліпеня
5 гадоў таму (2021) – У Гародні памерла Сафія Вараб’ёва (дзявочае Дольская) беларуская настаўніца, супрацоўніца музея гісторыі рэлігіі, грамадзкая актывістка. Нарадзілася ў 1931 годзе ў в. Хамякі (каля Сьвіслачы, Гарадзенскі раён).

22 ліпеня
195 гадоў таму (1831) – У Наваградак увайшлі паўстанцы супраць расейскай акупацыі.
23 ліпеня
120 гадоў таму (1906) – У в. Мяльканавічы (Слонімскі р-н) нарадзіўся Антон Валынчык, беларускі хормайстар, кампазітар, педагог.

30 гадоў таму (1996) – У Гародні адчынена аптэка-музей (у будынку езуіцкага кляштара – найстарэйшая аптэка ў Беларусі).
24 ліпеня
265 гадоў таму (1761) – У фальварку Вэнглеў (Коніньскі пав., Вялікапольскае ваяв., Польшча) нарадзіўся Якуб Ясінскі, вайсковы і палітычны дзеяч, інжынер, паэт, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1794 г.

130 гадоў таму (1896) – У мяст. Нягневічы (Наваградзкі р-н) нарадзіўся Аляксандар Орса, беларускі педагог, доктар прыродазнаўства, дзеяч беларускай эміграцыі (Нямеччына, ЗША).
25 ліпеня
20 гадоў таму (2006) – У Менску памёр Янка Брыль, беларускі народны пісьменьнік. Перыядычна жыў у Загоры (Карэліцкі р-н). Пахаваны ў Калодзішчах пад Менскам.

26 ліпеня
515 гадоў таму (1511) – Наваградак атрымаў Магдэбургскае права. Наданае яно было каралём Жыгімонтам Старым.
130 гадоў таму (1896) – У в. Вялікія Жухавічы (Карэліцкі р-н) нарадзіўся Уладзімір Варава, беларускі пісьменьнік, журналіст.
27 ліпеня
135 гадоў таму (1891) – Памерла Бірута (Амелія Даравінская, нар. каля Вільні, 1863 г.), фальклярыстка, этнографка. Жыла і працавала ў Лідзкім пав.
30 ліпеня
Міжнародны дзень сяброўства
Сусьветны дзень барацьбы супраць гандлю людзьмі
31 ліпеня
85 гадоў таму (1941) – У Ленінградзе памёр Якуба Чэхаўскі, беларускі атлет і барэц. Нараджэнец Гародні. Пахаваны на Серафімоўскіх могілках у Новай вёсцы пад Ленінградам.

