Уладзімір Хільмановіч

30 чэрвеня з другой спробы на аўкцыёне ўлады прадалі кватэру засуджанага завочна журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча.

На аўкцыён заявілася ажно 9 (!) ахвотных купіць незаконна канфіскаваную маёмасць публіцыста ў выніку палітычнага пераследу.

Стартавая цана на двухпакаёвую кватэру была 100 800 рублёў. У выніку аўкцыёну (стаўкі падымалі 57 разоў) яе прадалі за 136 584 рублёў.

Яшчэ раней улады прадалі ўсю бытавую тэхніку сям’і, а таксама лецішча праваабаронца ў Мастоўскім раёне.

Нагадаем, 19 жніўня 2024 году Гарадзенскі абласны суд завочна прызначыў Хільмановічу пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і вялізны штраф — 40 тысяч беларускіх рублёў.

25 кастрычніка таго ж году Вярхоўны суд прадказальна не задаволіў апеляцыйную скаргу публіцыста і праваабаронца. Пасля чаго прысуд увайшоў у сілу.

Судовая выканаўца, якая вядзе працэс спагнання, – Наталия Ивановна Болтуть. На яе дзеянні Уладзімір Хільмановіч раней накіраваў адпаведную электронную і пісьмовую скаргу, аднак у парушэнне заканадаўства ніякага афіцыйнага адказу ў вызначаны тэрмін не атрымаў.