
Адмовы ў міжнароднай абароне ўдзельнікам пратэстаў 2020 года – ужо не адзінкавыя выпадкі і не выпадковыя рашэнні асобнага інспектара, а тэндэнцыя, якая можа развівацца далей, кажуць юрысткі, якія працуюць з міграцыйнымі справамі, – Вольга Дабравольская і Ганна Маціеўская. «Белсат» запытаўся ў іх, што рабіць беларусам у гэтай сітуацыі.
Тэндэнцыя
Вольга Дабравольская пацвярджае, што апошніх часам адмоўных рашэнняў у абароне ўжо нават не два-тры, а значна больш.
Адмовы ідуць не толькі тым, хто проста ўдзельнічаў у маршах у 2020 годзе і мае адзін-два фотаздымкі з іх, але і ў больш грунтоўных кейсах – у тым ліку, грамадзянскім актывістам, якія актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах дыяспары, дапамагаюць фінансава розным ініцыятывам.
«Надоечы я пісала абскарджанне на адмоўнае рашэнне, падпісанае не проста звычайным інспектарам, а кіраўніком аддзелу. То бок, зразумела, што мы маем справу ўжо з палітычнай воляй, і што новая інтэрпрэтацыя (аб змяншэнні маштабу рэпрэсіяў у Беларусі – рэд.) магла быць распрацаваная ва Упраўленні, але таксама інструкцыя магла быць перададзеная з міністэрстваў. Я не магу пагадзіцца з тэзай, што нейкі чыноўнік на месцы можа прыняць на сябе адказнасць і выпадкова выдаць такое рашэнне. Гэта ў Польшчы немагчыма, бо чыноўнікі працуюць паводле інструкцыяў і ўзораў абгрунтаванняў», – кажа юрыстка.
Пра тое, што новая інтэрпрэтацыя сітуацыі ў Беларусі – не выпадковасць, гаворыць і тое, што ва ўсіх адмоўных рашэннях цяпер ідэнтычная аргументацыя – не індывідуальная, зробленая пад канкрэтную асобу, а агульная для ўсіх.
,,
«Мы сапраўды бачым тэндэнцыю па змяншэнні станоўчых рашэнняў у выдачы міжнароднай абароны ў Польшчы», – зазначае наша суразмоўца.
Выдадзеныя рашэнні могуць перагледзець
Галоўная перасцярога юрысткі на сённяшні дзень у тым, што рашэнне Польшчы аб тым, што ў Беларусі змяншаюцца рэпрэсіі, стабілізуецца сітуацыя, можа адбіцца не толькі на выдачы абароны тым, хто яе яшчэ чакае. Гэта можа паставіць пад сумнеў некаторыя ўжо выдадзеныя рашэнні па дадатковай абароне.
Перагляд справаў наўрад ці будзе датычыць тых, хто атрымаў статус уцекача, бо ён надаецца, калі ёсць індывідуальны пераслед, а галоўны крытэр для надання дадатковай абароны – агулам небяспечная сітуацыя ў краіне паходжання.
«Я не хачу нікога палохаць. Проста хачу паказаць, якія тэндэнцыі могуць чакаць нас у бліжэйшыя некалькі гадоў. Вядома, пасля выбараў у Польшчы сітуацыя можа змяніцца – ніхто не ведае, якой будзе палітычная воля. Я працую ў гэтай сферы з 2014 года і за гэты час не раз назірала падобныя цыклы. Бывае, што Упраўленне пачынае вельмі хутка выдаваць пазітыўныя рашэнні, літаральна адно за адным, як гарачыя піражкі. А потым нібыта спыняецца і думае: «Здаецца, мы ўжо занадта шмат рашэнняў выдалі. Давайце цяпер крыху паназіраем», – зазначае Дабравольская.
Міжнародная абарона – гэта не шлях легалізацыі
Па-ранейшаму на рашэнне Упраўлення можа паўплываць і якасць падрыхтоўкі кейсу, а таксама тое, як чалавек адказвае на пытанні інспектара на інтэрв’ю (допыце ў працэдуры атрымання міжнароднай абароны). Вельмі важна ўмець адказаць на пытанне, чаму вы падаяцеся на абарону менавіта цяпер, а не ў 2020 годзе ці адразу пасля выезду з Беларусі.
,,
«Задаючы гэтае пытанне, інспектар можа падштурхоўваць чалавека да адказу, што той такім чынам хоча легалізавацца ў Польшчы. І заяўнік часта пацвярджае – ну так, хачу легалізаваць сваё знаходжанне. І трапляе ў пастку. Чыноўнік адразу робіць выснову, што заява падаецца толькі дзеля легалізацыі, а не праз страх перад рэпрэсіямі», – зазначае юрыстка.
Дабравольская падкрэслівае: заўсёды трэба памятаць – міжнародная абарона – гэта прававы інструмент, які ўжываецца тады, калі чалавек не можа вярнуцца ў краіну паходжання і скарыстацца абаронай яе ўладаў, таму просіць, каб Польшча яму гэтую абарону надала.
«Таму гэта не проста легалізацыя, а адказнасць Польшчы, звязаная з абаронай перад рэпрэсіямі. Людзі часта не разумеюць гэтых нюансаў і лічаць, што міжнародная абарона – гэта толькі легалізацыя знаходжання і магчымасць атрымліваць дакументы. А гэта не так. Гэта працэдура для тых, хто мае перасцярогі перад вяртаннем, а не для эканамічных мігрантаў. Пра гэта трэба добра памятаць перад тым, як звяртацца па абарону», – падкрэслівае экспертка.
Пад пагрозай выдача польскіх праязных дакументаў
Тым, хто падаецца на абарону цяпер, важна разумець, што разгляд заяваў зрабіўся больш грунтоўным.
Калі раней рашэнні прымаліся на падставе анкеты, якая замяняла допыт і запаўнялася пісьмова пасля падачы заявы, то цяпер шмат каго выклікаюць на размову. Да яе трэба добра рыхтавацца, распавядаць сваю гісторыю, свае перасцярогі, казаць, што сітуацыя ў Беларусі не змянілася, што рэпрэсіі змяняюцца, але працягваюцца.
Змяненне пазіцыі Польшчы таксама можа закрануць тых, хто асцерагаецца ехаць у Беларусь, але легалізаваўся па працоўных і іншых відах на жыхарства і атрымаў польскі праязны дакумент пасля сканчэнне беларускага пашпарту.
«Польшча ўжо ставіць пад сумнеў неабходнасць выдачы праязных дакументаў беларусам, калі яны не баяцца вяртацца на радзіму, бо значная колькасць грамадзянаў Беларусі працягвае ездзіць у Беларусь. Таму не выключана, што ў будучыні будзе прынятае рашэнне выдаваць такія дакументы толькі асобам, якія атрымалі міжнародную абарону, а для тых, хто жыве ў Польшчы на падставе працоўнага дазволу на часовае пражыванне, гэтая магчымасць можа быць скасаваная. Шэф Упраўлення па справах іншаземцаў ужо ўздымаў гэтае пытанне. Мне падаецца, што гэта можа быць пачаткам больш шырокай тэндэнцыі. Калі не займацца гэтай праблемай ужо цяпер, ёсць рызыка, што такіх абмежаванняў стане больш», – кажа экспертка.
Таксама Дабравольская звяртае ўвагу на павелічэнне колькасці дэпартацыяў замежнікаў з Польшчы – на 30% у 2026 годзе. Таму юрыстка раіць уважліва сачыць за станам сваіх дакументаў, разумець, на якой падставе вы знаходзіцеся ў Польшчы, які тэрмін дзеяння ў вашых дазволаў на жыхарства, патрэбны вам дазвол на працу ці не, бо шмат дэпартацыйных рашэнняў звязаныя з нелегальным працаўладкаваннем.
Чаму важна абскарджваць негатыўнае рашэнне?
Калі прасіцель міжнароднай абароны атрымаў адмову і лічыць гэтае рашэнне несправядлівым і сапраўды мае перасцярогі перад вяртаннем у Беларусь, Дабравольская раіць ісці шляхам абскарджання:
,,
«Бо сёння палітычная воля можа тычыцца, напрыклад, міжнароднай абароны, а заўтра будзе скасаваная магчымасць атрымання польскага праязнога дакументу, як я ўжо казала. І калі чалавек працягвае сваю легалізацыю паводле ВНЖ па працы, напрыклад, ён можа страціць магчымасць атрымліваць польскі праязны дакумент, а ў Беларусь за новым пашпартам усё гэтак жа вярнуцца не зможа».
Важнасць абскарджання Дабравольская бачыць таксама ў тым, што калі беларусы будуць пагаджацца з адмовамі, гэта можа толькі яшчэ больш пераканаць польскі бок у тым, што сітуацыя ў Беларусі сапраўды стабілізавалася.
Пакуль не было інфармацыі пра вынікі абскарджанняў адмоваў, бо ўсе яны былі пададзеныя адносна нядаўна (на чэрвень іх было крыху больш за 50), а разгляд можа расцягнуцца, бо другая інстанцыя павінна наноў разгледзець справу.
Пры падрыхтоўцы абскарджання важна добра распавесці сваю гісторыю, прыкласці ўсе дакументы, якія даказваюць і ўзмацняюць кейс, а таксама рапарты міжнародных арганізацыяў па сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці, што пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя не змянілася.
,,
«Тыя выбары не былі прызнаныя ніводнай дэмакратычнай краінай, і ўвогуле інтэрпрэтацыя Упраўлення дзіўна не супадае з рапартамі міжнародных арганізацыяў», – зазначае Дабравольская.
Праблему трэба агучваць
Калі адмовіць і другая інстанцыя, далейшы этап – суд, і на яго юрыстка ўскладае большыя спадзяванні:
«Напэўна, адзіная інстытуцыя, у якую я сапраўды веру, – гэта суд. Менавіта суды разглядаюць справы незалежна. Пра Упраўленне ў справах замежнікаў я не магу сказаць таго ж. У мяне няма пераканання, што кожная справа там разглядаецца цалкам незалежна і індывідуальна. На маю думку, гэта даволі палітызаваная інстытуцыя».
Вольга Дабравольская будзе падымаць пытанні па сітуацыі з адмовамі ў міжнароднай абароне на сустрэчы з польскімі сенатарамі, з праваабарончай арганізацыяй Amnesty International, якія адбудуцца ўжо ў ліпені. Таксама будзе сустрэча з намеснікам міністра ўнутраных справаў Польшчы Мацеем Душчыкам. Юрыстка падкрэслівае важнасць агучвання праблемы – як палітыкамі, так і прадстаўнікамі дыяспары, і заклікае медыі пісаць і казаць пра сітуацыю, а таксама выходзіць з ёй у польскія СМІ.
Падзеі 2020 года былі даўно
Са словаў юрысткі і заснавальніцы ініцыятывы «Партызанка», якая дапамагае з легалізацыйнымі пытаннямі, Ганны Маціеўскай, лічбы не заўсёды даюць выразны агляд сітуацыі, бо гэта толькі статыстыка, за якой мы не бачым канкрэтных справаў – ці там былі моцныя кейсы, ці слабейшыя.
Аднак экспертка пагаджаецца, што на падставе апошніх тэндэнцыяў і зваротаў беларусаў у «Партызанку» можна казаць пра падвышэнне чаканняў Упраўлення ў справах замежнікаў да доказнай базы прасіцеляў абароны.
«Калі ў 2020 годзе дастаткова было проста сказаць вусна – «я ўдзельнічаў у пратэстах і баюся вяртацца ў Беларусь», то пазней ужо трэба было прадстаўляць прынамсі фотаздымкі ўдзелу ў пратэстах. Цяпер жа орган чакае прамых доказаў індывідуальнага пераследу. Ускосныя ж доказы будуць мець меншую вагу і чым слабейшы кейс, тым большая верагоднасць адмовы. Для беларусаў гэта кепская тэндэнцыя, бо ўсе мы цудоўна ведаем, што ў нашых умовах далёка не заўсёды можна атрымаць поўную доказную базу: пры тых жа ператрусах сілавікі цяпер рэдка пакідаюць нейкае пісьмовае пацверджанне», – кажа Маціеўская.
Польшча пачынае ўспрымаць падзеі 2020 года як тое, што было вельмі даўно. Тое самае, са словаў юрысткі, адбываецца і ў іншых краінах, у прыватнасці, у ЗША – органы міграцыі, калі разглядаюць заявы беларусаў, не разумеюць, чаму тое, што было ў 2020 годзе, застаецца ў поле рызыкаў.
Адначасова ў сувязі з тым, што змяншаюцца магчымасці праваабаронцаў адсочваць сітуацыю ў нашай краіне і прадстаўляць рэальную статыстыку, у іншых дзяржаваў, якія абапіраюцца на лічбы, складваецца «перакошаная карцінка» таго, што чалавеку ў Беларусі не так ужо і небяспечна.
,,
«Сігналы таго, што міграцыйная палітыка Польшчы ў дачыненні да беларусаў будзе пагаршацца, былі ўжо даўно, і я казала пра такую магчымасць. Цяпер жа апошняя статыстыка пацвярджае тыя мае апасенні», – кажа Маціеўская.
Шукаць добрую юрыдычную падтрымку
У гэтай сітуацыі юрыстка раіць беларусам не дапускаць пераходу разгляду справы ў другую інстанцыю, бо там, а таксама ў судах яшчэ менш разумення таго, што адбываецца ў Беларусі, мяркуе Маціеўская. Найлепш яшчэ на этапе першай інстанцыі максімальна ўзмацняць свой кейс. Асабліва гэта актуальна для тых, у каго недастаткова моцных доказаў пераследу.
«Напрыклад, хтосьці падаецца як стваральнік «экстрэмісцкага фармавання», і пра гэта ёсць публічная інфармацыя, ды яшчэ і свежая – напрыклад, арганізацыя была прызнаная «экстрэмісцкай» у 2024 годзе – гэта адна гісторыя. А вось кейсы людзей, якія падаюцца толькі з тым, што выходзілі ў 2020 годзе на пратэсты і не мелі нейкіх актыўнасцяў пасля, выглядаюць нашмат слабей. І нават калі мы, юрысты, праваабаронцы, разумеем рызыкі для іх, гэта не значыць, што міграцыйны орган таксама гэта бачыць», – кажа Маціеўская.
Калі ж справа дойдзе да абскарджання, экспертка рэкамендуе не «на каленцы» яго пісаць, а сядаць і грунтоўна прапрацоўваць усё. І найлепш, калі гэта будзе рабіць прафесійны юрыст ці праваабаронца. А такіх магчымасцяў на сённяшні дзень у беларускіх праваабарончых арганізацыях няма, падкрэслівае Маціеўская, таму ў грамадстве, у беларускай дыяспары паўстае пытанне – хто гэтым павінен і можа займацца?
«Але мая рэкамендацыя – усё ж шукаць добрую юрыдычную падтрымку ў выпадку адмовы. Бо ў сітуацыі з «дублінскім» вядзеннем, напрыклад, у мяне ёсць адчуванне, што ў судзе больш шанцаў, чым на ўзроўні Упраўлення, а вось з адмовамі ў абароне – наадварот. У судоў няма разумення беларускіх рэаліяў. Таму, адпаведна, адвакату ці іншаму прадстаўніку ці самому чалавеку трэба будзе даказаць кожны элемент пераследу», – кажа юрыстка.
З улікам новых тэндэнцыяў Маціеўская раіць добра падумаць, перш чым падавацца на міжнародную абарону, узважыць усе абставіны – магчыма, лепш будзе спачатку атрымаць працоўны ВНЖ, а потым прасіць абарону. У выпадку адмовы гэты ВНЖ, магчыма, будзе яшчэ дзейны, і дасць варыянты далейшай легалізацыі. Калі ж на момант адмовы дзейнага дазволу на жыхарства ці візы няма, застаецца ці абскарджваць і ісці ў суд, ці выязджаць з краіны ў вызначаны тэрмін.
Разам з тым не трэба і надта зацягваць, бо заўсёды можа ўсплыць пытанне: «А чаму вы толькі цяпер падаяцеся?».
Адначасова Маціеўская падкрэслівае, што Польшча ўсё яшчэ застаецца ці не адзінай краінай, якая найбольш прыхільна ставіцца да надання беларусам міжнароднай абароны.
Белсат
