Аддзел па справах іншаземцаў

У чэрвені 2026 года беларусам у Польшчы хутчэй адмаўлялі ў міжнароднай абароне, чым выносілі пазітыўныя рашэнні. У адказе па адной са спраў чыноўнікі сцвярджалі, што маштаб рэпрэсій у Беларусі нібыта зніжаецца.

Польскае Упраўленне па справах замежнікаў (UDSC) заявіла, што хадайніцтвы грамадзян Беларусі аб прадастаўленні міжнароднай абароны разглядаюцца індывідуальна. Тое самае тычыцца і іншых замежнікаў.

У ведамстве нагадалі, што падставы для атрымання міжнароднай абароны вызначаны артыкуламі 13 і 15 Закона аб прадастаўленні замежнікам абароны на тэрыторыі Польшчы.

— Пры аналізе сітуацыі асоб, якія хадайнічаюць аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы, акрамя інфармацыі, атрыманай непасрэдна ад саміх заяўнікаў, Упраўленне па справах замежнікаў таксама ўлічвае ўсе агульнадаступныя звесткі, — паведамілі Еўрарадыё ва Упраўленні.

— Сцвярджэнне пра “зніжэнне маштабу рэпрэсій у Беларусі” не датычыцца агульнай сітуацыі ў Беларусі і ўсіх яе грамадзян, а толькі канкрэтна асоб, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, асабліва тых, хто да гэтага часу не сутыкаўся ў краіне з праблемамі і не быў іншым чынам уцягнуты ў палітычнае жыццё краіны. 

UDSC падкрэслівае, што рашэнні аб адмове ў прадастаўленні міжнароднай абароны маюць падрабязнае абгрунтаванне і не базіруюцца на адным агульным сцвярджэнні.

Пра павелічэнне колькасці адмоў у міжнароднай абароне раней паведамлялі і праваабаронцы.