
Аляксандр Румак
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый у Мазыры заявіў, што ў Беларусі заканадаўча абмежавалі місіянерскую дзейнасць замежных грамадзян і «паставілі перашкоду» спробам навязаць беларусам «чужую веру».
Паводле ацэнкі ініцыятывы «Хрысціянская візія», гэтыя заявы фактычна пацвярджаюць жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне свабоды веравызнання і супярэчаць міжнародным стандартам, у тым ліку артыкулу 18 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які гарантуе права чалавека выбіраць і змяняць сваю рэлігію або перакананні.
«Хрысціянская візія» таксама звярнула ўвагу, што пасля сустрэчы дзяржаўныя медыя адрэдагавалі свае матэрыялы. Пачаткова паведамлялася, што ўдзельнікі абмяркоўвалі прычыны ліквідацыі каталіцкіх і праваслаўных парафій у Беларусі, аднак пасля гэтая інфармацыя была выдаленая. Тэма захавалася толькі ў сюжэце мясцовага тэлебачання.
Яшчэ адной важнай зменай стала перападпарадкаванне інстытута ўпаўнаважанага непасрэдна Лукашэнку. Раней яго апарат уваходзіў у сістэму Савета Міністраў, цяпер жа дзейнасць упаўнаважанага курыруе Адміністрацыя прэзідэнта. Згодна са змяненнямі, ён павінен інфармаваць кіраўніка дзяржавы праз Адміністрацыю прэзідэнта і забяспечваць яе аналітычнымі матэрыяламі па рэлігійнай і нацыянальнай сферах.
На думку «Хрысціянскай візіі», гэта сведчыць не пра тэхнічную рэарганізацыю, а пра ўзмацненне палітычнага кантролю над рэлігійнай сферай.
