
Замак у Крэве, фота Гарадзенскай праваабароны
У Беларусі працягваецца маштабная праца па захаванні і аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны, сцвярджае намесніца начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Варановіч. Яна расказала на прэс-канферэнцыі, на што дзяржава будзе скіроўваць свае намаганні і рэсурсы ў найбольш агляднай перспектыве.
Сёння ў дзяржаўным спісе налічваецца 5696 гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Гэта помнікі архітэктуры, горадабудаўніцтва, гісторыі, археалогіі, мастацтва, а таксама запаведныя мясціны.
Паводле слоў чыноўніцы, усё больш турыстаў адкрываюць для сябе так званую «замкавую Беларусь». Калісьці на тэрыторыі краіны існавала больш за 150 замкаў і сядзіб, аднак да нашых дзён захавалася толькі частка з іх.
Цяпер вядзецца падрыхтоўка дакументацыі для трэцяй чаргі аднаўлення галерэі Крэўскага замка, а таксама другой чаргі рэканструкцыі Старога замка ў Гародні. Праектныя работы працягваюцца і ў былым палацавым комплексе Чацвярцінскіх ў мястэчку Жалудок Шчучынскага раёну. Карэктуюцца праекты рэстаўрацыі трох пускавых комплексаў Наваградскага замку.
У Гальшанскім замку ўжо здадзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс паўночна-ўсходняга корпуса. У Жыровічах завершаная рэканструкцыя Георгіеўскай царквы Свята-Успенскага манастыра. Гэты аб’ект мае вялікае значэнне для развіцця паломніцкага турызму.
Нягледзячы на рамонтныя работы, гістарычныя комплексы працягваюць прымаць наведнікаў. На іх тэрыторыі рэгулярна праходзяць культурныя і гістарычныя мерапрыемствы. У Крэве арганізуюць фестывалі «Кераміка Крэва» і «Крэва на скрыжалях часу», у Гальшанах — тэатральную праграму «Вечары ў Сафіі Гальшанскай», у Старым замку Гародні ладзяць гістарычную рэканструкцыю «Адзін дзень з жыцця горада XVI стагоддзя», а ў Наваградку пастаянна праходзяць фестывалі сярэднявечнай культуры.
