відэакамеры

Дзяржаўныя камеры відэаназірання на шматкватэрных дамах цяпер можна будзе ставіць без рашэння сходу ўласнікаў. Адпаведная норма замацаваная ва ўказе Лукашэнкі №386 ад 28 кастрычніка, апублікаваным у пятніцу на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Пры гэтым уласнікі кватэр будуць вызваленыя ад абавязку плаціць за ўтрыманне і эксплуатацыю сістэмы — усё будзе аплачвацца з бюджэту. Выключэнне зрабілі для нежылых памяшканняў, якія выкарыстоўваюцца для атрымання даходу і абсталяваныя камерамі відэаназірання.

Таксама МУС зможа патрабаваць, каб ужо пастаўленыя ў грамадскіх месцах відэакамеры былі падключаныя да адзінай сістэмы маніторынгу. Па патрабаванні МУС уладальнікі аб’ектаў і арганізацый будуць абавязаныя даць доступ “Белтэлекаму” для такога падключэння.

Аператарам дзяржаўнай сістэмы застаецца “Белтэлекам”, а МУС будзе каардынаваць яе працу. Пры гэтым карыстацца сістэмай змогуць таксама падраздзяленні Узброеных сіл, якія ажыццяўляюць аператыўна-вышуковую дзейнасць і ахоўваюць крытычна важныя аб’екты.

Ва ўказе адзначаецца, што “Белтэлекам” павінен захоўваць даныя, якія паступаюць з відэакамераў, не менш за месяц. Для асобных аб’ектаў МУС можа вызначаць іншыя тэрміны захоўвання інфармацыі.

Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам павінны не радзей за адзін раз на год абнаўляць спісы аб’ектаў, на якіх абавязкова павінны быць відэакамеры.

Асноўныя змены набудуць юрыдычную сілу 31 студзеня 2027 года.