
Пра затрыманні паведаміў прадстаўнік прэсавай службы МУС. Паводле яго, гэта жыхары розных рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце ад 36 да 66 гадоў. Ім ставяць у віну тое, што яны пакідалі «негатыўныя каментары» на адрас высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і супрацоўнікаў сталічнай міліцыі.
Як сцвярджаюць у МУС, каментары выявілі падчас кругласутачнага маніторынгу сацыяльных сетак супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення ўнутранай бяспекі ведамства.
Прадстаўнік МУС таксама заявіў, што затрыманыя «прызналі віну» і тлумачылі свае ўчынкі, у тым ліку, уздзеяннем алкаголю. Паводле ведамства, ім пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Якія менавіта артыкулы Крымінальнага кодэкса ім інкрымінуюць, не паведамляецца.
Telegram-канал МУС апублікаваў кадры затрыманняў мужчын узброенымі міліцыянтамі, а таксама некалькі «пакаянных відэа» з размытымі тварамі. Падрабязнасці пра асобы затрыманых не раскрываюцца. З якіх яны рэгіёнаў – таксама не гаворыцца.
