
У Малдове адмянілі канцэрт папулярнага беларускага гістарыста з Гародні Валерыя ДзіДзюЛі. Выступ у Кішынёве быў прызначаны на 26 лістапада. На сайтах продажу білетаў з’явілася паведамленне пра адмену канцэрта, але без тлумачэння прычыны, піша “Наша Ніва” са спасылкай на малдоўскія СМІ.
Гэтае рашэнне пракаментавалі ў МЗС Украіны і звязалі яго з намаганнямі сваіх дыпламатаў у Малдове. Украіна падзякавала малдоўскім партнёрам за праяву салідарнасці.
Украінскае МЗС заявіла, што “Расея выкарыстоўвае культуру для прасоўвання свайго ўплыву і стварэння бачнасці вяртання да “нармальнасці”. У заяве ўкраінскага МЗС гаворыцца, што Расея “не павінна атрымліваць міжнародныя сцэны для адбельвання сваёй рэпутацыі, пакуль яе войска забівае ўкраінцаў, разбурае гарады і знішчае культурную спадчыну Украіны”.
ДзіДзюЛя фактычна падтрымаў агрэсію Расеі ва Украіну і неаднаразова выступаў у акупаваным Крыме. У студзені 2023-га ён трапіў пад персанальныя ўкраінскія санкцыі на дзесяць гадоў.
У студзені 2025-га артыст выступаў у Гародні на “Марафоне адзінства”, зладжаным у падтрымку Лукашэнкі. Беларусь ён тады ахарактарызаваў як “выспачку нармальнасці, стабільнасці і мірнасці, дабра і дабрабыту”.
