
Адзін з гарадзенскіх судоў прызнаў фонд «Акно на Усход» з Беластоку экстрэмісцкай арганізацыяй. Нават маніторынг яго профіляў можа мець наступствы падчас праверак, якія праводзяцца лукашэнкаўскімі службамі бяспекі.
Раённы суд у Гародні вынес рашэнне 14 ліпеня. У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў былі дададзены вэб-сайт Фонду, профілі ў Facebook, Instagram і YouTube, а таксама лагатып арганізацыі.
Фонд паведаміў пра гэта ў сацыяльных сетках. Прадстаўнікі арганізацыі даведаліся пра ўнясенне ў спіс з рэестра, які вядзе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
«Мы пастаянна сочым за гэтым спісам, бо ён непасрэдна ўплывае на бяспеку тых, хто карыстаецца нашай падтрымкай», — сказаў Павел Міцкевіч, прэзідэнт фонду «Акно на Усход».
Супраць самога Міцкевіча якраз вядзецца зараз завочны суд у рамках так званай спецвытворчасці.
Гэта чарговая арганізацыя з Беластоку, якая прызнана так званай экстрэмісцкай. У спісе экстрэмісцкіх арганізацый таксама “Фонд Kamunikat.org” і інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat, на якую перыядычна здзяйсняюцца кібер-атакі.
Беларускае Радыё Рацыя, сядзіба якога ў Беластоку, таксама прызнана КГБ РБ эстрэмісцкай арганізацыяй.
